КРАСНАСЕ́ЛЬСКІ АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,

група археал. помнікаў каменнага і бронзавага вякоў (шахты па здабычы крэменю, крэменяапрацоўчыя майстэрні, стаянкі, могільнік), селішча жал. веку і сярэдневякоўя каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. і суседніх з ім вёсак. Гэты рэгіён заселены ў раннім мезаліце (9-е тыс. да н.э.); найб. колькасць помнікаў належыць да неаліту і бронзавага веку. У К.а.к. захавалася больш за 80 шахтавых выпрацовак. У адной з шахт знойдзена пахаванне шахцёра шнуравой керамікі культуры. На комплексе выяўлены таксама рэшткі крэменеапрацоўкі і крамянёвыя прылады працы, кераміка арэнбургскай культуры, позняга этапа нёманскай культуры, тшцінецкай культуры, зарубінецкай культуры, фрагменты ганчарнага посуду эпохі Стараж. Русі, позняга сярэдневякоўя, рэшткі паўзямлянкі 9—12 ст. і інш. На могільніку культуры шарападобных амфар (3-е тыс. да н.э.) знойдзены рэшткі пахавання чалавека і свойскай жывёлы, гліняны посуд, касцяныя наканечнікі стрэл і інш.

М.М.Чарняўскі.

Краснасельскі археалагічны комплекс (план-схема): 1 — нераскапаныя шахты; 2, 3 — раскопы шахтаў; 4, 6—7 — стаянкі-майстэрні; 5 — стаянка і селішча; 8 — майстэрня; 9 — могільнік.

т. 8, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)